skip to content

Грустные стихи

Дотык вуснаў і...

admin аватар

Дотык вуснаў і... Знікні!
Толькі сплю,
Толькі сплю...
Разам з ранкам стазыкім
Я свой боль наталю.

Нахілюся лісліва
Перад лёсам сваім.
Можа, стану шчаслівай?
Толькі дым...
Толькі дым...

За ўсе скарбы і грошы
Я цябе не куплю...
Дотык вуснаў — навошта...
Толькі сплю,
Толькі сплю?..

Наста Кудасава

Зноў маіх вуснаў пякучая памяць мне нагадае...

admin аватар

Зноў маіх вуснаў пякучая памяць мне нагадае
Шыю і плечы, і грудзі, і смочкаў спелых чарэшні...
Грэшны, канешне, ды зноўку бяссонне мяне спавядае —
Ведаю, — грэшны.
Ведаю, — смешны.

Ды пальцы прыгадваюць прагна, зацята
Спіну і сцёгны, і незагарэлыя дзве палавіны...
Вінны, канешне. Ды, Божа! — якое было гэта свята! —
Дзякую, Божа, хоць каяцца мушу, бо ведаю — вінны.

Боль утраты

admin аватар

Ты осталась одна, на крыльце опустевшего дома,
Веет холодом здесь, давит душу тебе тишина.
Ты сама погрузилась в глубокую скорбную кому,
Жизнь утратила смысл, из-под ног твоих почва ушла.

Он оставил тебя, не сказав на прощанье ни слова,
Боль утраты на плечи твои тяжким грузом легла.
Ты не знаешь, как быть, ты не знаешь, как жить в этом доме
Где никто не обнимет и не приголубит тебя.

Наперадзе — дарогі і гады...

admin аватар

Наперадзе — дарогі і гады
Работы, стомы, шчасця да знямогі,
Наперадзе — усе, але не ты,
Такі звычайны, просты, часам строгі.

Тваё жыццё — пяшчота і любоў,
Сям'я, дастатак, добрая работа.
Тваё жыццё ідзе ўразрэз са мной,
Хіба што зрэдзь калі згадаеш ўпотай.

Не ўбачымся. I як ні варажы,
Нам паасобку да сканчэння свету
Спакойна жыць, чакаючы мяжы,
Калі Гасподзь наведае планету.

Калі табе ад гэтага лягчэй...

admin аватар

Калі табе ад гэтага лягчэй,
Я раскажу: мне зараз адзінока,
Няма сяброўскіх рук, няма вачэй!
Мае сябры. Яны цяпер далёка.

Мяне да іх ты смешна раўнаваў...
Але чаму? Хіба была прычына?
Каханне на сяброўства не змяняў
Яшчэ ніхто: ні хлопец, ні дзяўчына.

I ўсё ж не мне забыць сваіх сяброў.
Яны былі жыццём і ўратаваннем
У час, як ты ўсё некуды ішоў,
Пакінуўшы мяне з маім каханнем.

Адпускаю цябе. Ідзі...

admin аватар

Адпускаю цябе. Ідзі...
Больш не будзе, напэўна, спаткання.
Усе сустрэчы на гэтай зямлі
Не абыдуць навек развітання.

Мы чужыя...Ты думаў не?
Не сястра я табе, ты не брат.
Не шукаю віны тваёй,
Бо нixmo i не быў вінават.

Што я значу ў тваім жыцці?
Прамільгнула, i ты пайшоў.
Колькі часу ўжо прайшло...
Можа, іншую ты знайшоў?

Калі хочаш ісці — ідзі,
I тады ўжо не азірайся.

Тебе

admin аватар

Моя душа покрылась льдом.
Туда закрыты на засовы входы.
И я ни завтра, ни сегодня, ни потом
Не получу от чувств своих свободу.
От безысходности тону и погибаю,
Мне не помогут лучшие врачи.
От этого одно лекарство знаю,
Но крик о помощи не слышишь ты в ночи.
Я вновь тебя прошу и умоляю:
Пойми, прости и дай мне шанс:
Я все исправлю и пообещаю,
Что сделаю тебя счастливей в сотню раз!

Вярнуць сабе сваю любоў?...

admin аватар

Вярнуць сабе сваю любоў?
Я супраць гэтакіх высноў!
Вярнуць кашмары вечароў,
Няжыццяздольнасць хілых слоў,
Няжыццядзейнасць воч і рук,
Замкнёны безвыходны круг?
Паслухайце, вярнуць любоў —
У гэты круг патрапіць зноў!
Па бруку шэрых цвінтароў,
Ў святле няпэўных ліхтароў
Хадзіць як прывід, бачыць жах
Ва ўласных змучаных вачах?
Вярнуць? Ізноў шукаць прычын
У чым, у чым жа ён, у чым

Белая ружа скамканай паперы...

admin аватар

Белая ружа скамканай паперы
На рубінах вуглёў
Паступова чарнее.
Учарнеўшы, чырвоным палае,
Потым зробіцца шэрай,
У попел рассыплецца...
А за вокнамі снег усё сыплецца.
А за вокнамі — снег,
А ў памяці — смех.
А ў памяці смех каханага,
У мяне па вясне адабранага,
Не чарняваю і не бялёсаю,
Не вядзьмаркай кульгаваю, косаю,
Не здарэннем злым,
Не жыццём ліхім,
Ўсё складаней шмат:

У кватэры, дзе некалі...

admin аватар

У кватэры, дзе некалі
Нечае сэрца
Распалася на
Элементарныя часцінкі,
Пасяліліся іншыя людзі.
Адчуваюць няўтульнасць,
Як садзяцца вячэраць,
Адчуваюць стамлёнасць,
Як збіраюць абедаць,
Сняць трывожныя сны...
Ну адкуль жа ім ведаць,
Што ў гэтай кватэры
I вокны, і дзверы,
I сцены, і мэбля,
Падлога і столь
Выпраменьваюць боль
Няшчаснага сэрца.

Вольга Ласаева

Вішні, вішні — белы цвет...

admin аватар

Вішні, вішні — белы цвет,
Ягады, як зоркі, —
Палюбіў я шчодры свет,
Мне ж — боль стратаў горкі.

Вішні, вішні — белы цвет,
Ягадкі — вясёлкі, —
Палюбіў надзеяў свет,
Мне ж — хмель скрухі золкі.

Вішні, вішні — белы цвет,
Ягадкі і косткі, —
Палюбіў шырокі свет,
Мне ж — лёд славы коўзкі.

Аблятае вішань цвет,
Ягады — падучы, —
Палюбіў я светлы свет,
А любіць — балюча.

У госці? Ты? Праходзь. Сядай...

admin аватар

У госці? Ты? Праходзь. Сядай.
Як у часы былыя пагаворым.
Дазволіш мне паплакацца аб тым,
Як холадна ў жыцця сцюдзёным моры?
Ну што ўсміхаешся, хіба не так?
I я на змерзлае няшчасце не падобна?
Ды боты не здымай — у хаце кавардак,
Няма куды нагой ступіць свабодна.
Але скажы ўсё ж найперш
Ты сам: існуеш ці жывеш?
Маўчыш чаму? Вось я — існую,
Няма даўно таго жыцця.

Ніцая вярба

admin аватар

Ніцая вярба ў знаёмым парку
Дыхала каханьнем і вясной.
Шэпты,
Пацалункі,
Нават сваркі
Засланяла ад усіх сьцяной.

Над зялёным храмам небязбожна
Сонца несла гордае чало,
I, відаць, таму ў сустрэчы кожнай
Сумнага фіналу не было.

А цяпер галіны сьпілаваны...
Ствол, як крыж...
Парэзы на кары...
Той прагал, нібы скразную рану,
Прадзімаюць хіжыя вятры.

Памерлым ад болю кахання...

admin аватар

Памерлым ад болю кахання
Не ладзяць сябры памінання,
Жалобных паштовак не носяць,
Але разняволіцца просяць.

За рукі тармосяць і плечы,
Над целам ўчыняючы здзек,
I кажуць агідныя рэчы,
I цягнуць у тлум дыскатэк.

Круціся як хочаш, памерлы,
Ўсміхайся, ратуй свае нервы,
I тут, пад паглядамі спрэс,
Ты выгляд рабі, што ўваскрэс.

I робіць ён выгляд, хмялее
Між душаў рухавых людскіх

Хоць бы што калі якое!..

admin аватар

Хоць бы што калі якое!
Немата і пустата,
За вакном ганяе нехта
Беспрытульнага ката.

А вясна — вясна на дзіва,
Дзе ні глянь яе рука:
Вось сяброўка йдзе на піва
Да знаёмага грака.

Грак той, зрэшты, сімпатычны
I наогул ён не грак...
I чаму неэстэтычна
Я аб ім сягоння так?

Мітусня. Пагром. Суседзі
Пацягнуліся у блуд.
На другім паверсе недзе
Гамана і перапуд.

Лёс прывядзе да апошняй разлукі...

admin аватар

Лёс прывядзе да апошняй
разлукі...
Ведай —
ня трэба скарацца журб е...
Помняць свой час
вочы,
вусны
і рукі,
Каб блаславіць і суцешыць цябе.

Гэта жыцьцё...
Што ж, яшчэ памыліся,
Ды не засьмечвай душу
драбязой...
Тут без мяне
ўсё ж
за нас памаліся...
Толькі ня словам,
а ціхай сьлязой.

Сяргей Законнікаў

Адзінота

admin аватар

Только ты стоишь
перед глазами,
Как звезда стоит
перед землей.

Ю. КУЗНЯЦОЎ

Ідзе цягнік праз ноч,
Высока зорка свеціць.
Світае сіні снег,
Цямнее белы вецер.

Сябе не зразумець —
He зразумець нікога.
Душы бясконцы крык.
Бясконцая дарога.

Халоднае акно

Вачыста...

admin аватар

Абыйшла душа мясціны ўсе,
Дзе пакутавала, дзе трывала,
Дзе сабе шчымлівасць даравала,
Кволы сум даверыўшы красе.
За душой вачыста сорак дзён
След у след ступаў вячысты кон...

Рыгор Барадулін

Маналог яблыні

admin аватар

Была зімой, як белы сад аціхлы.
Была вясной, як снежная зіма.
Ды дрэвы ўсе і май паразнявесціў,
I белыя святочныя пялёсткі
Змяшаліся з травою і з пяском...
О, блізкія-далёкія мне людзі,
Чакаючы штодня пераўтварэнняў,
Вы прынялі мяне таму, як Дрэва
Ад Саду, што трымаў цяжар пладоў.
Вы нанасілі торфу, перагною
I заняволілі ў трохкутнік дрэўца.
А як мне, перасаджанай, раслося —

Зязюлька

admin аватар

З бароў вушацкіх,
Што зрабілі лядамі,
Апошняя зязюлька баравая
Над братам убіваецца, кукуе.
Прыбітая і горам, і спагадамі
Як толькі шчырая душа трывае.
Анёле крэўнасці,
Падай руку ёй...

Рыгор Барадулін

Мне не патрэбны суцяшэнні...

admin аватар

Мне не патрэбны суцяшэнні...
Хоць раз задумайся сама.
Прыйшла. Прынесла спусташэнне
Не як тайфун, а як чума.

Няма ні крыўды, ні адчаю,
Нянавісці і той няма.
I за халоднай шклянкай чаю —
Адна сцюдзёная зіма.

Пімен Панчанка

Хату бабулі перакрывалі...

admin аватар

Хату бабулі перакрывалі.
Ладныя цеслі латы часалі,
Ветрылі зубы ўверсе, падпіўшы,
Каб не памерла, не заплаціўшы.

Хата палачана.
Шыферам крытая.
Цеслям заплачана.
Цеслямі выпіта.

Дом па-мужыцку
Да ладу даведзены.
Што ж не прыходзіць
Ніхто у адведзіны?

Сорак гадочкаў
Мінула, а верыць —
Нехта з сыночкаў
Пастукае ў дзверы.

Леанід Галубовіч

А што было? А так, нічога!..

admin аватар

А што было? А так, нічога!
Сляпых кіданняў тры гады,
Начная да цябе дарога.
Ну што яшчэ было тады?

Я і кажу — зусім нічога,
Кахання мройлівая здань,
Маленне ля твайго парога,
Маё: "Андрэй!", тваё: "Адстань!".

Вольга Ласаева

Сваіх гадоў ні вязень, ні ўладар

admin аватар

Сваіх гадоў ні вязень,
ні ўладар,
Вяртаюся назад — заўжды ў тваю
святліцу.
За чорны цень,
што ўпаў на мілы твар,
Жыцця акрайца ўжо ня хопіць
адмаліцца.
Куды ж мне жаль,
трывогу,
боль
падзець?
Прашу хвілін,
а іх становіцца ўсё меней,
Каб доўга-доўга на цябе глядзець,
Нібыта піць ваду крынічную са
жмені.

Сяргей Законнікаў

Хмары плывуць...

admin аватар

Хмары плывуць.
Інерцыя кахання.
У сэрцы муць.
Жахлівае ранне!

Вольга Ласаева

Тваё імя

admin аватар

Тваё імя варушыцца ў душы,
Як птушанё,
што выпала з
гнязда...
Лёс за мяне падумаў і рашыў —
Людзей ня радасць вучыць,
а бяда.
Даўно надзеі свечку патушыў,
Што доўг за ласку я змагу
аддаць...
Тваё імя варушыцца ў душы,
Як птушанё,
што выпала з гнязда.

Сяргей Законнікаў

Бедна тут, нявесела і глуха...

admin аватар

Бедна тут, нявесела і глуха,
Чорны вецер кружыцца над полем,
А са мной развітваецца суха
Хлопчык, не знаёмы з вечным болем.

У бясконцасць пушчана хвіліна,
І мячы скрыжоўваюць пагляды...
Быццам я забіць яго павінна!
Быццам ён мяне забіць бы рады!

Гавару — маёй не чуе мовы,
Кідае прыдуманыя фразы.
Ведаю: даўно былі гатовы
Гэтыя бязлітасныя сказы.

Цёплай захлынулася крывёю

Круг звыклай мітусні...

admin аватар

Круг звыклай мітусні,
Зададзенасці быта.
Мільгаюць спорна дні,
I многа іх забыта.
Ды ўспомні час, калі
Мы ў нейкім утрапенні
Ня дням падлік вялі,
А кожнаму імгненню.
Цвіў радасці язмін,
I зелянелі душы.
Дагэтуль успамін,
Як вецер,
вусны сушыць.
I часта ў сне да нас
У вочы заглядае
Далёкая вясна,
Як воля, маладая.
Мінулага жарству
Варушыць дум карэнне,

I мяне хвароба тузанула...

admin аватар

I мяне хвароба тузанула,
Ведзьме рыхтавала на пасаг.
Адыдзі — дабром прашу — зануда,
Дай мне пра здаровых напісаць.

Бо пакуль шукаў я слоў глыбінных,
Каб душой не пакрывіць ні ў чым,
Пачарнелі ўсе мае рабіны,
Зледзянеў ядловец уначы.

Не жадаю ў буркатні пагразнуць!
Скардзіцца не ўмею, не хачу.
I не стану прытварацца блазнам,
З маладымі ціха памаўчу...

Элегія старой скрыпцы

admin аватар

Паўміралі музыкі —
Слухачы засталіся.
Скрыпкі звонкія зыкі
Так даўно не ліліся.

На гарышчы згарбела
I рассохлася дэка, —
Сэрца ў ёй задубела
Без душы чалавека.

Дайце смык навашчу я!
Дайце струны настрою!
Песня ў скрыпцы начуе
Для любога настрою.

Што ж ты, скрыпа, не граеш
Маладому застоллю?
Ці ж не роднаму краю
Ты прарочыла долю?!

Ці ж не ў чуйныя зыкі

Дзе нябёсаў блакітныя высі...

admin аватар

Дзе нябёсаў блакітныя высі
Не сваімі вачамі глядзяць,

Дзе на вокліч адчайны: "Вярніся!"
Ён нічога не мусіў сказаць,

Дзе неба з зямлёю калісьці мінуць,
Хай Словы Твае не мінуцца!

Дазволь жа, зблудзіўшым у брудную муць,
Знайсціся. Успомніць. Вярнуцца.

Вольга Ласаева

А ведаеш, пасля размовы гэтай...

admin аватар

А ведаеш, пасля размовы гэтай
Мне б розуму пазбавіцца — за шчасце,
Па горадзе брысці напаўадзетай,
Ды у вар'ятню першую папасці.

Мне б розум страціць як уратаванне,
Як лепшая з мяркуемых падзей.
Адно б ісці у хісткае змярканне,
Цікаўных абмінаючы людзей.

Дурной была: хацела стаць разумнай!
Хацела ведаць болей аб жыцці...
Уведала: з усмешкаю бяздумнай
Такое б шчасце некуды ісці.

Помню

admin аватар

Лілі

Там,
дзе сырая зямля,
як турма,
Там,
дзе нікога,
нічога няма,
Раптам мне высьнішся промнем.
...Лета ці восень, вясна ці зіма —
Кожнай крывінкаю помню.

Сяргей Законнікаў

Пахаванне

admin аватар

Здыміце шапкі:
Вязуць нябожчыка.
Мажліва, грузчыка,
Мажліва, возчыка.

Вязуць не нейкага,
Вязуць сумленнага:
Сябры — як непагадзь,
Жонка — самлелая.

А за нябожчыкам —
Шыпенне шын,
Жалобным пошчакам
Гудкі машын.

На бруку слотным
Разгон гасі:
Не меней сотні
Таксі, таксі...

Прасілі людзі —
Ехаў праз ноч.
Таксісту ў грудзі
Ўсадзілі нож.

Таксісту выбілі
З вачніцаў сонца.

Усярэдзіне пуста і пуста...

admin аватар

Усярэдзіне пуста і пуста —
Пустая пустэльная пустка.
Ці можа там нехта ёсць?
Няпрошаны сумны госць
У гэту пустэльню брыдзе...
Чаго ён шукае? Куды ён ідзе?
Угледзеў, напэўна, міраж,
Імкнецца да чыстай вады.
Ты сілы свае ўзваж,
Прыгожы хлапец малады!
Праходзіў тут міма аднойчы герой,
Ўжо сыт быў і ўпоен жывою вадой,
I нават без злосці, а так, "ад балды"
Запалкаю чыркнуў і кінуў сюды.

Попел ад кастрышча не запаліш...

admin аватар

Попел ад кастрышча не запаліш,
боль, што адбалеў, не забаліць.
Дык чаму ж блакіт вачэй так раніць
сушыць вусны, быццам хоча піць?

Тое, што згарэла, доўга тлее,
боль з вачэй адчаем упадзе.
Пройдзе час, і подых белай веі
ахалодзіць пыл маіх надзей.

Ніна Чарнейка

Чаго чакаць? Начным святлом...

admin аватар

Чаго чакаць? Начным святлом
даўно абрабавана цемра,
і цеснае маё жытло
мяне схавала ў кубе цэглы,
і цягнецца маркота фраз,
і, без надзеі затрымацца,
па кроплі ў ноч сцякае час,
як кроў з параненага пальца.

Таццяна Сямірская

Неба ў зорках. На небе ўладараць яны...

admin аватар

Неба ў зорках. На небе ўладараць яны.
Дзесьці ў цемры касцёр дагарае.
Там застыў, запанурыўся конь вараны.
Ён — на волі... Ды волі не мае.

Ногі спуталі людзі вяроўкай яму,
мары зблыталі ветры начныя.
Узляцеў бы да зорак!.. Ды помніць хамут
спрацаваная конская шыя.

А пад ранне, калі цішыня зазвініць
ды зайграе нямыя рулады,
ён забудзецца ў стоме і раптам — прысніць

Такой прысні, як яблыневы сад...

admin аватар

Такой прысні, як яблыневы сад.
Там не ачахла сонечная сцежка.
Хвалюецца высокі снегапад,
А на губах — іскрыстая усмешка.

Нібы прадаўшы жыта, спяць сваты,
А на вусах — па зманліваму слоўцу.
Мы пройдзем праз драпежныя пасты
Шыпшынніку і хітрага ядлоўцу.

Гусцее пільнай ночы абалонь,
А наша лодка, як на смех, без донца.
Ды пройдзем праз калінавы агонь,
Каб затрымацца на узлёце сонца!

У вашым горадзе, дзе сум і снег...

admin аватар

У вашым горадзе, дзе сум і снег,
і дзе асфальт парэзаны трамваем,
я пакідаю парасон і смех,
каб зноў вярнуцца к вам дажджом і маем.

У вашым голасе — пяшчоты першацвет
і задуменне непагаслых вокнаў.
Вы гэтаксама, як і я, — паэт,
мой несустрэты, мой далёкі.

Пакуль зіма — я крэмзаю лісты
наўздзіў непаслухмянымі радкамі.
Хавае снег ад вечнасці масты
і размалёўвае спакой наш снамі.

Крыўда

admin аватар

Жонцы

Не папросіш мілоснай свечкі,
не адкажаш хлуснёй на здзек...
Толькі дзве перасохлыя рэчкі
уваскрэснуць з тваіх павек.

Толькі срэбныя дзве маланкі
перакрэсляць мне шлях наперад...
І ў адной з іх – заплача Янка,
а ў другой – засмяецца Верас.

Эдуард Акулін

Прывыкаю штодзень да скаваных пачуццяў...

admin аватар

Прывыкаю штодзень да скаваных пачуццяў,
быццам хворы, прыбіты да ложку надзей.
Мне лягчэй да сябе, да сапраўднай, вярнуцца,
чым дарэмна шукаць звышсапраўдных людзей.
Не чакае душа над жыццём перамогі,
бо аднойчы яе надламала жыццё.
Не чакаю і я нічыёй дапамогі,
толькі сценам даверу скупое ныццё.
I яшчэ адзін дзень, быццам шэрая пляма,
адбаліць, адляціць і загіне ў агні.

Застаюся каханай!

admin аватар

Страшна ўвечары жыць
З незагоенай ранай.
Ты сказаў: «Адбаліць,
Заставайся каханай».

Страшна ноччу мне быць
З гаркатой апантанай.
Ты сказаў: «Адшчыміць,
Заставайся каханай».

Ах, нуда — не бяда
У цішыні расстралянай.
На праломе ільда
Застаюся каханай.

Валуны ды вуглы,
Золь дарогі калянай.
У праёме імглы
Застаюся каханай!

Яўгенія Янішчыц

Ноч кароткай была, быццам казачны сон...

admin аватар

Ноч кароткай была, быццам казачны сон.
Цалавалася мора з пяском бурштыновым.
Ты шаптала замовы адвечнае словы.
Быў ля вогнішча недзе з сяброўкаю ён.

Ты хацела русалкай прыгожаю стаць,
каб не зносіць кахання сляпыя пакуты.
I збірала ты зёлкі яму на атруту
па адвечным рэцэпце вядзьмаркі Біруты,
каб яго прыгажосцю сваёй счараваць.

Вольга Драздова

Ёсць толькі дзве ў жыцці мяжы...

admin аватар

Ёсць толькі дзве ў жыцці мяжы:
мяжа пачатку і сканчэння.
Нясхільна шлях зямны прайсці –
паэта лёс і прызначэнне.

На запытанне прамаўчы,
бо хто маўчыць, той сам пытае…
Якое малако ваўчыц?
Пра тое воўк адзіны знае.

Твой цень з вышынь гурган сачыў,
свой судны дзень не прычакаўшы…
Змялее часу далячынь,
тых дзве мяжы ў адну з’яднаўшы.

Эдуард Акулін

Ля муроў стагоддзяў

admin аватар

I рака бруіцца васількова,
І лябёдка плавае ў стаўку.
Не сказаў на развітанне слова —
Толькі спешна сціснуў мне руку.

Ля муроў стагоддзяў, ля падмуркаў,
Дзе яшчэ не вымерла святло,
Мітусяцца восы і казюркі,
Ладзячы утульнае жытло.

А калі успыхнуць зараніцы
Горача, нібыта макаў квет, —
Бачу голаў скрушнае званіцы,
Гамлета трагічны сілуэт.

Дружа мой, як абяднела ліра:

Я трэснутыя нервы пакладу на шкло...

admin аватар

Я трэснутыя нервы пакладу на шкло,
пасыплю зверху болем пасівелым.
А потым закрычу параненым святлом,
душу на момант раз'яднаўшы з целам.
А калі трэсне шкло і вернецца душа,
злаўлю настрой глінянымі рукамі.
I застануся той, кім я сюды прыйшла, —
у свет, дзе сэрцы гінуць пад нагамі.

Наталля Дзівіна

Старыя рэчы

admin аватар

Зведаўшы зайздрасць мод вечных і хворых,
Ды спадзяванняў пакутлівых ўздых,
Рэчы таксама, як людзі, гавораць
I спавядаюцца ў шафах старых.

Час іх раўняе: паркаль і атласы
Звянуць, паблякнуць за сціжмаю дзён,
Быццам бы існасць раскрыюць акрасы
I тых, хто да моды крыклівай жадзён.

З целам жылі — а душу ўспамінаюць.
З болем і сумам іх шчыры давер.
Толькі сабе так цаны і не знаюць.

Калі змагла б, вярнула б я не слова...

admin аватар

Калі змагла б, вярнула б я не слова:
Адзін прамень — зямлёй і небам між.
Мой ясны свет, зялёная дуброва,
Ты ўсё шуміш, ты ўсё яшчэ шуміш.

Адзін прамень! Яго шукаюць рукі
Аблокамі і кручаю паміж.
Зялёны ліст нясцерпнае разлукі,
А ты звініш. Ты усё яшчэ звініш.

Шукае смага ў працы паратунку,
А дзень з гары ляціць, як пара лыж,
Крыжасты шлях сумненняў і лятункаў,

Як сумна шарэе дарога...

admin аватар

Як сумна шарэе дарога —
і вабіць, і вабіць ісці.
Пайду я далей ад парога,
каб дзесьці самоту знайсці.
О, я не баюся самоты!..
О, я не бываю адна,
бо дзе б ні хадзіла, заўсёды
са мною — ці Бог, ці вясна,
ці восень,
ці вечар зімовы,
калі запаляюць агні,
ці поўня, ці месячык новы,
ці ўсё, што — куды ні зірні —
мяне напаўняе спакоем
і болем нясказаных слоў...

Жанчына з сумнымі вачыма...

admin аватар

Жанчына з сумнымі вачыма
сягоння застаецца зноў адна.
Халодны горад — за плячыма,
і шклянка чорнага віна.

Замоўк шматслоўны тэлевізар
і пыляцца старонкі тоўстых кніг.
Буркуе голуб над карнізам,
Нібыта ўсё ў жыцці яе спасціг.

Пустая шклянка. Мокры вечар.
Пужаюць вулкі думнай цішынёй.
У сненні моліць лёс аб лепшым —
і верасень цалуе плечы ёй.

Васіль Барысюк

Балада вяртання

admin аватар

Прыйшла к табе з далёкае дарогі.
Вачэй маіх знямогу не лаві.
Знасіліся сандалікі. I ногі
Параніліся моцна, да крыві!

Чытаеш боль ці песню на абліччы,
Баішся дакрануцца да рукі.
Віхор пашкуматаў мой лёгкі сітчык,
Але прыліплі к целу васількі.

Ды даражэй за розныя прапажы
Сустрэты мной адзін сівы Баян.
Не чуў даўно такой гаворкі, кажаш?
Няўжо і я — апошняй з магікан!

Набіраю гады, як балы...

admin аватар

Набіраю гады, як балы...
Іх сціртуецца больш і больш.
Мой жыццёвы суддзя — няўдалы:
He залічыць пакуты і боль.
He залічыць кахання згубу,
Пацалункавы зарапад,
З патаемнай усмешкай губы
I паўшэпты:
— Я рада...
— Я рад...
He залічыць гаёвае рэха,
Што ад пошчаку губы пячэ...
He залічыць крылаты ветах
У блакіце тваіх вачэй.
He залічыць ужо ніколі...
Рэха памяці будзіць гай...

На дрэвах вароны...

admin аватар

На дрэвах вароны
Сядзяць, як на тронах,
I каркаюць сонна,
А дзюбы – як зубы
Ў жалезных баронах.

Паветра туманам
Спавіта рахманым.
Над вёскай заспана
Ў скудлачаны ранак,
Не хочучы вочы
Ўздымае, як п'яны.

Знікаючы, ноч
Заплакала – дождж...

Янусь Малец

Я здымак твой разглядваю...

admin аватар

Я здымак твой разглядваю,
Як след нядаўняй страты.
Чаму раней за клятвамі
Была нябачнай здрада?

Цвіла ж вясна усмешкаю
І постаццю рухавай…
А зараз –
Сны з дамешкамі
Маёй журбы гаркавай.

Між намі ўсё падзелена
На «ты» і «я».
І строга:
Тваё жыццё –
Пасцельнае,
Маё – дарога.

Мінулае не вернецца,
Каму ж ты зараз маніш
І казыраеш вернасцю,
Якой даўно не маеш?..

Мы многа гаворым, а болей маўчым...

admin аватар

Мы многа гаворым, а болей маўчым.
He выказаць час, што скрозь нас працякае.
I думы людскія гайдае ўначы
Калыска сусвету ад зор залатая.

Праўдзівае слова гадую гады,
He ў сілах яго адарваць ад істоты.
Хоць ведаю сам: зелянеюць сады
Вясною, каб восенню скінуць лістоту...

Пазнаўшы пачатак — не знаем канца...
I свет гэты белы сцвярджаем нанова.
I плача ў калысцы сасновай дзіця.

У трох царквах зямлі святой...

admin аватар

У трох царквах зямлі святой
Тры свентых свечкі запаліла
I прад апошняю мяжой
Цара Нябеснага ўмаліла,
Каб побач быў заўжды з табой,
А сем хваробаў абмінулі —
На цёмны лес глухі звярнулі,
На дол сухі, пустое поле,
I ты не ўведаў іх ніколі,
I не паддаўся ім нідзе.
Калі ж патрэбна быць бядзе,
Сама сустрэну. Хай ідзе.
Чаго яшчэ цяпер баяцца,
Калі на ўсё жыццё растацца

Калі сціхнуць адгалоскі...

admin аватар

Калі сціхнуць адгалоскі
тваіх крокаў у вушах,
аплыве, бы свечка воскам,
успамінамі душа.

Колькі будзе розных сцежак,
покуль знойдзем шлях адзіны.
Сонца мне – мільён усмешак.
Дождж – мільён тваіх слязінак.

Эдуард Акулін

Ні парушынкі ў небе, ні дажджынкі...

admin аватар

Ні парушынкі ў небе, ні дажджынкі,
I мройна вішня пышная цвіце.
Яшчэ мая хада лягчэй пушынкі.
Адкуль цяжар так сэрцайка гняце?

Душыла смага, цалавала спёка.
Маланка з громам звязвала канцы.
Але не памірала ад апёкаў —
Зацягваліся песнямі рубцы.

Жыццё, ты стэп, што выгарэў да краю,
Дрыготкі ліст на восеньскім галлі.
I ўсё адно — цябе я абдымаю,
I ўсё адно цябе я бласлаўляю

«Спачатку — ты, а потым — я»...

admin аватар

«Спачатку — ты, а потым — я», —
Такая прымаўка твая.
Каханая, даруй за тое,
Што горкіх слоў нясеш ты крыж,
Што часам крыўды ў сэрцы тоіш,
Маўчыш, пакутуеш, ня сьпіш.
За непрынесеныя кветкі
I занядбаны хатні гуж,
Як і за тое, што ў суседкі
Надзвычай дамавіты муж.
За тое, што ня годзіш модзе,
Што ў іншых больш убораў ёсьць,
Што, як дажджы, як сьнег, праходзяць

Даўно пара пасталець...

admin аватар

Даўно пара пасталець.
Духмяны хлеб на стале.
Ласка світальней хлеба.
Вочы мае і неба.

Між імі —
хмараў разгон
і хмары
тваіх валасоў.
I з незапомных часоў
звоніць вятрыска ў звон.

А ты далёка паехаў
ад сэрца свайго —
спарыша.
За тысячы гнуткіх рэхаў
цябе завяла душа.

Дарвецца,
куды захоча,
у свет бясконцы,
як век.
Твае неспакойныя вочы
глядзяць з-пад маіх павек.

Гэтыя зоркія вочы!..

admin аватар

Гэтыя зоркія вочы!
Гэтай пяшчоты прыбой!
Нічога не паўтараецца двойчы.
Я застаюся з табой.

Скруха з турботы знікае
Лёгка, як след мураўя.
Вецер мяне абвівае
А ці самота твая?

Поўныя бездані вочы
Нібы застылі ў мальбе.
Нічога не паўтараецца двойчы.
Як мне запомніць цябе

Так, каб не чуў і не ведаў
Жалю майго краявід,
Так, каб не бегчы па следу
Хваляй салёнай наўзрыд!

Сябрам мы прысвячаем эпітафіі...

admin аватар

Сябрам мы прысвячаем эпітафіі,
Калі паклічуць за труной ісці...
А чым сябры, скажыце, не патрапілі,
Што мы аб іх не пішам пры жыцці,

Што словы выпакутваныя выкласці
Спяшаемся чамусьці для другіх
I нават лічым найвышэйшай сціпласцю,
Што вось маўчым пра іх, пра дарагіх?..

Яны ж, крыклівай славай не пакрытыя,
Сябе не выстаўляюць напаказ
I вершы нашы лаюць болыш, чым крытыкі,

Стань да святла. Прашу я, стань!..

admin аватар

Стань да святла. Прашу я, стань!
Яшчэ адну, адну хвіліну!
He пакідай, не пакідай,
Дай твар запомніць, мой адзіны.

Ці забыцця, збавення дай,
Над галавой скрані лавіну!
He пакідай, не пакідай
Жыцця майго напалавіну.

А ты маўчыш. Апошні дар —
Маю далонь сціскаеш з хрустам...
I запякаецца на вуснах:
He пакідай, не пакідай...

Людміла Паўлікава

Вянок цярністы. Васількі...

admin аватар

Вянок цярністы. Васількі
Сплываюць сцішана з рукі.
I долу цягнуцца далоні,
I глуха каркаюць крукі.
Вянок цярністы. Воч не ўзняць
I камень помсты не падняць—
Дарую зло. Згасае роспач —
Была ж, здаецца, не суняць,
I кожны міг мне дарагі,
Зямля накручвае кругі,
I ўсё на свеце непаўторна,
Як рэчка, вір і берагі.
Змяняе церні сіні лён,
Дзіця і дзед глядзяць з акон,

Тваё імя

admin аватар

Тваё імя
мо тысячу разоў
я паўтараў, як паўтарае мора
бег хваль крутых,
шліфуючы каменне,
як сонца паўтарае свой прыход,
як выраі — вяртанне і адлёт,
як першакласнік — верш,
на дом зададзены...

I як цяпер забыць яго
не знаю...

Віктар Ярац

Вочы твае

admin аватар

Срэбрам ранішніх рос,
Зорнай яснасцю ночы
I пяшчотай бяроз
Твае свецяцца вочы.

Сінь ільноў на палях
I даверлівасць кветак
Засталіся ў вачах
Ад спякотнага лета.

Бачу ў іх, як зары
Ружавее палоска.
Бачу ў іх, як гарыць
Мак пунсовы за вёскай.

Быў я тут у журбе
I ў абдымках гарачых,
I такім я сябе
У вачах тваіх бачыў.

Сонца свеціць ярчэй.
Жыта выспела ў полі.

Баюся я нявыказаных слоў...

admin аватар

Баюся я нявыказаных слоў,
Яны — палын, яны дурман і мята.
Прыходзіць позна лепшая любоў,
Як за пакуты горкія адплата.

Над цёмначчу раскрыленых дзвярэй,
У цішыні сталічнага квартала —
А мы маглі б сустрэцца і раней…
Ты не аклікнуў. Я — не пагукала.

Дык не здзіўляйся шчаснай немаце,
Балючаму і дрогкаму пагляду.
Так зрэдку ўвосень яблыня цвіце
Наперакор слаце і лістападу.

Зрываюцца гадзіны з цыферблата...

admin аватар

Зрываюцца гадзіны з цыферблата...
А свет — вякамі сіні і зялёны...
Але накрые стрэлка тую дату,
Дзе зазвініць будзільнік майго скону.

Кастусь Цыбульскі

Позняя восень

admin аватар

Мы разумеем:
Дысананс…
І разумеем:
Слабасць,
Што восень дзеліцца
На нас
І цень разлада.

Сярод гармоніі бяроз,
Па паркавым паркалю
Мы топчам лісце
Нашых кроз
І восень папракаем…

Не азірнуцца.
След у след,
Як знак бяды
Прычыннай,
Кахання нашага
Шкілет
Пляцецца
За плячыма…

Віктар Стрыжак

Пра боль

admin аватар

Дзе пачалося болю ўтаймаванне,
Ніхто з жывых не ведае, на жаль.
Час — лекар болю, а яго шпіталь —
Без краю, без пачатку памяшканне.

Не ведае ніхто, дзе недарод
Пачаў перадавацца полем полю,
Дзе, кленучы сваю цяжкую долю,
Пачаў людзей трывожыць з роду ў род

Спакой, што выбухае раптам боем,
Бой, што нясе адвечны супакой,
Дзіцяці боль, што парадзіхі болем

Адчай

admin аватар

Ні гукам, ні званкам не адгукнешся.
Атуліць колкай памяці сувой.
Праз лёс мой ты, як бура, пранясешся.
I дождж размые родны воблік твой.

I стане пуста мне, нібы ў пустыні.
Нібы сярод пустыні — я адна.
Так сівая бабуля ля акна
Пустой надзеяй цешыцца пра сына.

Яўгенія Янішчыц

Жніўнем прапахлыя едуць вагоны...

admin аватар

Жніўнем прапахлыя едуць вагоны
Ў снежную замець на перагоны.

Помню іх поўнымі садам і полем.
Гойдае вецер голае голле...

Даўняя дума цёплага лета
Белай завеяй у полі адпета.

Што ж я згадаў пра кажух тут і дровы,
Сам, як зіма, малады і суровы?..

Можа, надзею губляю на потым?
Дай мне, збавенне, хоць прагу работы.

Дай да вясновых данесці праталін

З-за рэчкі, з-за гаю...

admin аватар

За лугам зялёным, за сонечным гаем,
За рэчкай задумнай, за борам панурым
I наша захопленасць, і прысяганні,
I рэўнасці роспачнай злыя віхуры.

А ўсё — ці далёка? А ўсё — ці не ў сэрцы,
Што тахкае, тахкае струджана ў грудзях?
Яшчэ раз... яшчэ раз...
Як блізка ля смерці,
Гуляючы ў жмуркі, паходжваюць людзі...

А свет гэткі гожы і вабны наўкола,
Да шчэму жаданы для кожнай істоты!..

Надзея

admin аватар

Мае сны без цябе – пустыя.
Спаць кладуся, нібы ўміраю...
Сам спаліў за сабой масты я,
калі вымавіў: – Не кахаю.

Ды з надзеяй аб новай стрэчы
ад самога сябе наўпотай –
непатушанай кіну свечку
я ў забытай царкве пяшчоты.

Эдуард Акулін

Абыду, адыду, саступлю...

admin аватар

Абыду, адыду, саступлю,
Ані ўсмешкай, ні словам не змушу.
He падумай яшчэ, што люблю!
Проста горача стане і душна.

Проста сэрца заб'ецца хутчэй,
Неўспадзеў разрываючы цішу.
He падумай, канечне, яшчэ,
Што нібыта цябе ненавіджу!

He вініць мне цябе, не забыць,
He звязаць абарваныя ніці.
Проста моц ты адняў, каб любіць.
I бяссілля не даў — ненавідзець.

Людміла Паўлікава

Кахаю. Кахаю... Насуперак лёсу...

admin аватар

Кахаю. Кахаю... Насуперак лёсу,
Насуперак думе і смутку цяжкому.
Лясы адспяваюць, вятры адгалосяць,
Каб нашага шчасця не зычыць нікому.
Як жыць ад сустрэч і да вечных расстанняў?
Жаданнем і марай згараць у пустэчы.
Ці ёсць апраўданне такому каханню,
Якое ратуе, якое нявечыць?..

Зінаіда Дудзюк

Сучасная замалёўка

admin аватар

Праходзіць час... Знікае век,
Нібыта шумны дождж.
На кухні... змрочны чалавек
Глядзіць на востры нож.

«Чарніла» ў шклянцы, згрызак грушы,
Акуркі, дым, мушыны рой,
А звонку ў шыбу б'ецца ружа
Крывавай галавой.

Янусь Малец

Колькі я пражыву, не ведаю...

admin аватар

Колькі я пражыву, не ведаю.
А хацелася б шмат пражыць,
Навальніцамі ўсімі і ветрамі
Вусны ўдосталь свае асмужыць,

Наглядзецца на неба сіняе,
Нахадзіцца па верасах,
Каб гады палахлівым інеем
Пазаблытваліся ў валасах.

Толькі колькі мне там адпушчана
На кароткі мой век зямны,
На сустрэчы з лугамі і пушчамі,
З крыкам кнігаўкі і жаўны,

Колькі ранняў яшчэ збяру я,

Стварэнне нашага свету

admin аватар

Быў першы дзень
неспадзяваных слоў.
Знаёмства на адлегласці –
самотай.
Вось ты прыйшоў,
жывы, з няясных сноў, —
блакіт вачэй
і валасы, як лотаць.

Быў дзень другі:
чужання горкі смак,
жадання
не парушыць лад спакою.
А ўжо душа
цягнулася сама
ўладна зліцца
з роднаю душою.

Быў трэцці дзень,
калі маю далонь
адагравала я
ў тваёй далоні.
Яднала нас
міжзорнае святло
сугучнасцю

He прыдумвай мяне, не прыдумвай...

admin аватар

He прыдумвай мяне, не прыдумвай.
Мара-кветка без каранёў.
Гэта проста ў табе ад суму
Прага радасці, як насланнё.

He прыдумвай і за мяне
He кажы слоў узнёсла-пяшчотных,
Бойся болей, чым адзіноты,
Верыць гэтай салодкай мане.

He прыдумвай — усё прасцей
Ці хутчэй неспасціжна складаней —
Мара горыччу перацвіце,
Але явай усё ж не стане.

Алена Руцкая

Каліна стукне ў шыбу золкай раніцай...

admin аватар

Каліна стукне ў шыбу золкай раніцай...
Ах, мама, з маладосці ты паранена:
Адна над намі б'ешся горкай чаіцай,
Нібы дзяўчо, танклявая, адчайная.
У хату цягнуць пальчыкі азяблыя
Дзве цітаўкі, пасляваенных яблыні.
Лёс удавы — як песня жураўліная.
I выкапала ў лесе ты каліначку.
З яе зімой дзяўбуць сініцы ягады,
Ты ля яе жыццё сваё прыгадваеш...
Пасылку шлеш ты мне парой буслінай,

Элегія

admin аватар

He пачуццём, а прадчуваннем
Ужо каторы дзень жыву:
Вось-вось расплешчацца світанне
На пераспелую траву.

Паабтрасае вецер росы,
На лоб ускіне валасы...
I толькі, быццам рэха лёсу,
Зазвоняць рэек галасы.

— Пакі... пакінута... пакінуў, —
Праб'е дарожны тэлеграф...
I дзве слязінкі ўспамінаў
Спаўзуць міжволі па шчаках.

Яўгенія Мальчэўская

Не меў ты жалю да мяне...

admin аватар

Не меў ты жалю да мяне:
Смяротны боль — не абязболіў.
Кахання я прасіла? Не!
Хаця б знаёмай быць дазволіў...

Вольга Ласаева

Жанчыну пакрыўдзіў Каханы...

admin аватар

Жанчыну пакрыўдзіў Каханы.
Па вуліцы крочыць адна.
У поглядзе ніцым схаваны
нявыспелы боль і віна...

Жанчыну пакрыўдзіў Каханы.
Ну чым ёй цяпер памагчы
на займішчы летняга ранку,
на сходзе вясновай начы?

Даверце мне, ясная Панна,
адчай непрытомнай рукі,
і сум ваш растане туманам
на люстры світальнай ракі.

Эдуард Акулін

Развітанне з жураўлямі...

admin аватар

Развітанне з жураўлямі,
Паўзабытае вясло...
З тонкіх рук я выпраўляю
Песню ў свет. У ноч — святло.
Зыркай поўняй, пахкай мятай
Зберагаю неўпрыкмет...
Тыя травы не прымяты,
Па якіх пайшла ў свет.
I мяжой зімы і лета
Будзе стрэча між разлук.
З жураўлінай песняй гэтай
Я дамару, далюблю.
Вінавата — спапяліце,
Заблуджуся — не прыйду.
...П’ю ваду з тваёй крыніцы,
Чараўнічую ваду.

Згарае каханне марудна, балюча...

admin аватар

Згарае каханне марудна, балюча,
Згарае, нібыта асенні касцёр.
Адчужанасць, быццам бы вецер калючы,
Апошніх надзей абрывае лісцё.

Згарае каханне надрыўна і горка,
Маленькая іскарка ледзь зіхаціць...
Нібы з небасхілу сарвалася зорка,
Што ў чорную бездань адчайна ляціць.

Згарае каханне на попел-трывогу,
Пакутным адбіткам на цэлым жыцці.
Так хочацца выйсці ізноў на дарогу,

Я - дзіця расхрыстанага часу...

admin аватар

Я - дзіця расхрыстанага часу,
Мне не ўсё на гэтым свеце зразумела.
Здасца, што стаю ў чарзе да касы,
Каб узяць білет на пахаванне цела.

Быццам бы зусім не разумею,
Што маё – маё! – закрыюць цела векам.
Ля труны раптоўна анямею –
Не вярнуць мне болей чалавека.

Янусь Малец

Гадзіннік ножанкамі стрэлак...

admin аватар

Гадзіннік ножанкамі стрэлак
Стрыжэ, стрыжэ нябачны час
I моўчкі падганяе нас,
З хвілінай кожнай пастарэлых.

Не затрымаць і не спыніць
Яго размеранага стуку.
Нібы лічыльнікамі, цюкае
Ён раўнадушна дзень пры дні.

I як спяшаюцца гады!
Як хутка вянуць навальніцы!..
Паспець бы толькі, не стаміцца
Не збіцца з маладой хады,

Каб за спіною узмакрэлай
Цяжэў бяссонных спраў запас.

Трыялет

admin аватар

Не вернецца назад Учора.
Прыбой аціх. Ачахлі зоры...
І не глядзі мне ўслед з дакорам.
Была зіма – астыгла мора.
Не вернецца назад Учора.
Дзе ложак – яхта. Хвалі – шторы...
Не вернецца назад Учора.
Прыбой аціх. Ачахлі зоры.

Эдуард Акулін

Я — нараджэнка касмічнага года...

admin аватар

Я — нараджэнка касмічнага года...
На лёс мой плугі і ракеты ляглі.
Таму і малюся за вечную згоду
Між веліччу неба і сілай зямлі
У сэрцы сваім, каб злучыць там навечна
Мары высокасць з зямным хараством
I некалі ўпасці на Шляху на Млечным,
Не зоркай іскрыстай, а хоць светлячком.
Душа мая — неба жывая часцінка,
Вечнага космасу гронка цяпла.
Ды грэшнай, пакутнай, зямною пылінкай

У тайзе

admin аватар

Я апрануў самоты плашч.
Цягну маўчання сола.
Жыве ўва мне
Твой ціхі плач
Праводзін невясёлых…

Далёка ты.
І ўсё без змен.
І толькі згадак ворах.
Таўчэ адлегласці бязмен
Па нервах хворых…

Высокі дзень.
Гарачыня.
Паветра ў горле загусае.
А рэха думак,
Як гайня,
Па кедрачы гайсае.

Лінялы неба парасон.
Хілюся ў травы ніцма:
Мне часта бачыцца праз сон
Блакіт тваёй спаднічкі…

Каля вёсачкі маёй мурог...

admin аватар

Каля вёсачкі маёй мурог
Колькі год сумуе па касе...
А да мамачкі маёй дарог
Усё меней, меней час нясе.

А гады сарваны з ланцугоў,
Як сабакі у гайню спяшаць...
Меней стала родных, сваякоў... —
На кладах зарана так ляжаць.

У застрэшку нудзіцца каса,
Пашчарбаная ад часу і іржы...
Ападае ўвечары раса —
Горкая маркота на душы.

Ведаю, прысніцца на зары
След парэпаных дзіцячых ног...

Запалілі свечку, a вакол сляпыя...

admin аватар

Запалілі свечку, a вакол сляпыя.
I святло іграе на каменных тварах.
I ніхто не бачыць, што пятля на шыі,
Што праз момант горад палыхне пажарам.

Толькі хлопчык нейкі, ціхі і танклявы,
Толькі дзед сівенькі, з кіем і валізкай,
Толькі вой стамлёны, з пылам на халявах,
Бачыць небяспеку і што гора блізка.

А сляпыя ў звадах горла раздзіраюць,
Скарб багаты дзеляць, п'юць віно заўзята.

Мой успамін

admin аватар

Мой успамін жыве вясной...
He быў ён здрадай і маной.
Ды ў гэтай радасці зямной
Я не з табой, ты не са мной...

У гэты лес, у поўдзень той
Па даўняй замяці слядоў
Вярніся памяццю святой
I там хвіліну ты пастой...

Вясны блакітнае крыло
Ва ўспамін даўно сплыло...
Травой нішто не зарасло...
«Было, было,
Было, было!» —
Лес паўтарае многа раз...
Вярніся, дзень, вярніся, час!

Калі замерзнуць рэкі вен...

admin аватар

Калі замерзнуць рэкі вен
у маім целе назаўсёды, –
што атрымаю наўзамен
я ад спадарыні Прыроды?

Спакой нязмушанага сну
ці кволы парастак надзеі –
зноў прычакаць жыцця вясну,
якая сэрца адагрэе?

Эдуард Акулін

Крайняя хата

admin аватар

(Бацьку, маці)

Крайняя хата...
Да вуліцы ўступ.
Душ падарожных прычасце.
Згледжу з гасцінца за вярсту —
Сэрца затахкае часта.

Хто тут ні быў!
Кірзачы, чаравікі...
Песня ўзлятала да столі.
Проста малеча,
Нехта вялікі...
Толькі адна
He была тут ніколі...
Тая,
Што сэрца маё паланіла
Недзе ля Нёмана
Ці каля пушчы,
Зорку ў душы
Назаўжды запаліла
I адпусціла ў шлях невідушчы...

Адзінокі

admin аватар

Адзінокі сярод людзей
Ціха жыў чалавек, гараваў,
Без кахання, без мар, без надзей.
Без прыемных, шчаслівых спраў.

I ніхто не заўважыў, як ён
Свае вочы навекі закрыў,
Толькі страшна ля чорных акон
Яго верны сабака выў.

Пахавалі суседзі маўчком.
У стале – у шуфлядцы – знайшлі
Пажаўцелы канверт з пісьмом,
Дзе тры сказы ўсяго былі.

Пасля «Добрага дня!» было:

Адна за адной патухаюць запалкі...

admin аватар

Адна за адной патухаюць запалкі,
I вочы згасаюць, і позірк не палкі,
Сасмяглыя вусны бялейшыя вапны,
I выгляд агульны нічым не прывабны.

За сценамі цемра. Паўночныя здані
Да вокнаў прыпалі у прагным чаканні,
Зларадна напружваюць слых свой і зрок,
Адчулі, што сёння ў душы маёй змрок.

А птах у палёце — не зловіш рукой,
А любы мой, кажуць, даўно ўжо не мой.

Трывожныя зоркі глядзелі ў акно...

admin аватар

Трывожныя зоркі глядзелі ў акно,
На шыбах марозных трымцелі,
I ціха сняжынкі ляцелі
У светлую ноч за гумно.

I сумна да болю, да плачу было,
Чаму – і дасюль невядома.
Душа вырывалася з дому
I ўдалеч плыла за сяло.

Трывожныя ночы – радзей і радзей,
I штосьці святое я трачу.
Заплакаць бы шчыра – не плачу,
Трываць навучыўся ў людзей...

Янусь Малец