skip to content

Ніцая вярба

Ніцая вярба ў знаёмым парку
Дыхала каханьнем і вясной.
Шэпты,
Пацалункі,
Нават сваркі
Засланяла ад усіх сьцяной.

Над зялёным храмам небязбожна
Сонца несла гордае чало,
I, відаць, таму ў сустрэчы кожнай
Сумнага фіналу не было.

А цяпер галіны сьпілаваны...
Ствол, як крыж...
Парэзы на кары...
Той прагал, нібы скразную рану,
Прадзімаюць хіжыя вятры.

Бачу: прыпынілася жанчына
I стаіць, як ніцая вярба,
І глядзіць здзіўлёнымі вачыма,
У якіх пяшчота і журба.

Сяргей Законнікаў