skip to content

Калі табе ад гэтага лягчэй...

Калі табе ад гэтага лягчэй,
Я раскажу: мне зараз адзінока,
Няма сяброўскіх рук, няма вачэй!
Мае сябры. Яны цяпер далёка.

Мяне да іх ты смешна раўнаваў...
Але чаму? Хіба была прычына?
Каханне на сяброўства не змяняў
Яшчэ ніхто: ні хлопец, ні дзяўчына.

I ўсё ж не мне забыць сваіх сяброў.
Яны былі жыццём і ўратаваннем
У час, як ты ўсё некуды ішоў,
Пакінуўшы мяне з маім каханнем.

Сяброўства стала казкай на зямлі,
Тут без яе было б занадта горка,
I я удзячна Богу, што вялі
Дарогі да сяброўскага падворка.

Там не глядзяць на знешнасць і настрой —
Усякай прымуць, што патрэбна скажуць,
Абмыюць раны чыстаю вадой
I свежымі бінтамі перавяжуць.

Забыць, як цяжкахворую табой
Лячылі без адплаты, без прынукі?
Ты б толькі ведаў, з бездані якой
Маю душу выцягвалі іх рукі!

Гаворыш, што ніхто тут не святы?
Згаджаюся: былі расчараванні.
Былі — прайшлі. I толькі ты... Эх, ты,
Наіўнае і жорсткае каханне..

Вольга Ласаева