skip to content

«Спачатку — ты, а потым — я»...

«Спачатку — ты, а потым — я», —
Такая прымаўка твая.
Каханая, даруй за тое,
Што горкіх слоў нясеш ты крыж,
Што часам крыўды ў сэрцы тоіш,
Маўчыш, пакутуеш, ня сьпіш.
За непрынесеныя кветкі
I занядбаны хатні гуж,
Як і за тое, што ў суседкі
Надзвычай дамавіты муж.
За тое, што ня годзіш модзе,
Што ў іншых больш убораў ёсьць,
Што, як дажджы, як сьнег, праходзяць
Твае краса і маладосьць.
Зрэдчас падумаецца жартам —
Так, я і грэшнік, і сьвяты,
Ды ўсё ж, калі чагосьці варты.
То вінавата ў гэтым — ты.
«Спачатку ты, а потым — я... »
А прымаўка ў цябе — мая!

Сяргей Законнікаў