skip to content

Запалілі свечку, a вакол сляпыя...

Запалілі свечку, a вакол сляпыя.
I святло іграе на каменных тварах.
I ніхто не бачыць, што пятля на шыі,
Што праз момант горад палыхне пажарам.

Толькі хлопчык нейкі, ціхі і танклявы,
Толькі дзед сівенькі, з кіем і валізкай,
Толькі вой стамлёны, з пылам на халявах,
Бачыць небяспеку і што гора блізка.

А сляпыя ў звадах горла раздзіраюць,
Скарб багаты дзеляць, п'юць віно заўзята.
I ніхто не бачыць і не заўважае,
Што даўно не вечар, што даўно не свята.

Хто ж іх уратуе? Хто адкрые вочы?
Хто гармідар спыніць, што звініць наўкола?
Свет хрыпіць натужна, быццам вол рабочы,
I рыпяць стагоддзяў змучаныя колы.

Навум Гальпяровіч