skip to content

Пахаванне

Здыміце шапкі:
Вязуць нябожчыка.
Мажліва, грузчыка,
Мажліва, возчыка.

Вязуць не нейкага,
Вязуць сумленнага:
Сябры — як непагадзь,
Жонка — самлелая.

А за нябожчыкам —
Шыпенне шын,
Жалобным пошчакам
Гудкі машын.

На бруку слотным
Разгон гасі:
Не меней сотні
Таксі, таксі...

Прасілі людзі —
Ехаў праз ноч.
Таксісту ў грудзі
Ўсадзілі нож.

Таксісту выбілі
З вачніцаў сонца.
Бандыты выпілі
На тры чырвонцы...

А шофер, можа,
Калісь малых
Вёз асцярожна
З радзілкі іх.

Што ім, грамілам,
Наш добры век!
Памёр кармілец
I чалавек.

Няма запчастак
Для нас, мой друг
Лісток зубчасты
Ляціць на брук.

Пімен Панчанка