skip to content

Даўно пара пасталець...

Даўно пара пасталець.
Духмяны хлеб на стале.
Ласка світальней хлеба.
Вочы мае і неба.

Між імі —
хмараў разгон
і хмары
тваіх валасоў.
I з незапомных часоў
звоніць вятрыска ў звон.

А ты далёка паехаў
ад сэрца свайго —
спарыша.
За тысячы гнуткіх рэхаў
цябе завяла душа.

Дарвецца,
куды захоча,
у свет бясконцы,
як век.
Твае неспакойныя вочы
глядзяць з-пад маіх павек.

Данута Бічэль-Загнетава