skip to content

I мяне хвароба тузанула...

I мяне хвароба тузанула,
Ведзьме рыхтавала на пасаг.
Адыдзі — дабром прашу — зануда,
Дай мне пра здаровых напісаць.

Бо пакуль шукаў я слоў глыбінных,
Каб душой не пакрывіць ні ў чым,
Пачарнелі ўсе мае рабіны,
Зледзянеў ядловец уначы.

Не жадаю ў буркатні пагразнуць!
Скардзіцца не ўмею, не хачу.
I не стану прытварацца блазнам,
З маладымі ціха памаўчу...

Маладосць, не хочаш — не вяртайся:
Мне не сорам жыць і з сівізной.
Толькі зрэдку ты са мной вітайся,
Не пад Новы год і не вясной.

Прывітайся ты са мною ўвосень,
Калі дождж так цяжка б’е ў душу,
Можа, не ўпаду я на пракосе,
Можа, луг апошні дакашу.

Пімен Панчанка