Такой прысні, як яблыневы сад...
Такой прысні, як яблыневы сад.
Там не ачахла сонечная сцежка.
Хвалюецца высокі снегапад,
А на губах — іскрыстая усмешка.
Нібы прадаўшы жыта, спяць сваты,
А на вусах — па зманліваму слоўцу.
Мы пройдзем праз драпежныя пасты
Шыпшынніку і хітрага ядлоўцу.
Гусцее пільнай ночы абалонь,
А наша лодка, як на смех, без донца.
Ды пройдзем праз калінавы агонь,
Каб затрымацца на узлёце сонца!
Запамятай такою, як была,
Здзірала як нясцерпныя кляйноты.
Смяюцца вочы, поўныя святла,
А на губах — гарчавінка самоты.
Яўгенія Янішчыц
У вашым горадзе, дзе сум і снег...
У вашым горадзе, дзе сум і снег,
і дзе асфальт парэзаны трамваем,
я пакідаю парасон і смех,
каб зноў вярнуцца к вам дажджом і маем.
У вашым голасе — пяшчоты першацвет
і задуменне непагаслых вокнаў.
Вы гэтаксама, як і я, — паэт,
мой несустрэты, мой далёкі.
Пакуль зіма — я крэмзаю лісты
наўздзіў непаслухмянымі радкамі.
Хавае снег ад вечнасці масты
і размалёўвае спакой наш снамі.
Але аднойчы будзе дождж і май,
вы парасон мой знойдзеце раптоўна,
сустрэнеце, стаміўшыся, трамвай
на вуліцы вясновай, безназоўнай.
Марыя Лагодзіч
Крыўда
Жонцы
Не папросіш мілоснай свечкі,
не адкажаш хлуснёй на здзек...
Толькі дзве перасохлыя рэчкі
уваскрэснуць з тваіх павек.
Толькі срэбныя дзве маланкі
перакрэсляць мне шлях наперад...
І ў адной з іх – заплача Янка,
а ў другой – засмяецца Верас.
Эдуард Акулін
Прывыкаю штодзень да скаваных пачуццяў...
Прывыкаю штодзень да скаваных пачуццяў,
быццам хворы, прыбіты да ложку надзей.
Мне лягчэй да сябе, да сапраўднай, вярнуцца,
чым дарэмна шукаць звышсапраўдных людзей.
Не чакае душа над жыццём перамогі,
бо аднойчы яе надламала жыццё.
Не чакаю і я нічыёй дапамогі,
толькі сценам даверу скупое ныццё.
I яшчэ адзін дзень, быццам шэрая пляма,
адбаліць, адляціць і загіне ў агні.
Толькі цень мой заплача над смешнаю драмай
і пацягне далей забыцця камяні.
Наталля Дзівіна
Застаюся каханай!
Страшна ўвечары жыць
З незагоенай ранай.
Ты сказаў: «Адбаліць,
Заставайся каханай».
Страшна ноччу мне быць
З гаркатой апантанай.
Ты сказаў: «Адшчыміць,
Заставайся каханай».
Ах, нуда — не бяда
У цішыні расстралянай.
На праломе ільда
Застаюся каханай.
Валуны ды вуглы,
Золь дарогі калянай.
У праёме імглы
Застаюся каханай!
Яўгенія Янішчыц
Ноч кароткай была, быццам казачны сон...
Ноч кароткай была, быццам казачны сон.
Цалавалася мора з пяском бурштыновым.
Ты шаптала замовы адвечнае словы.
Быў ля вогнішча недзе з сяброўкаю ён.
Ты хацела русалкай прыгожаю стаць,
каб не зносіць кахання сляпыя пакуты.
I збірала ты зёлкі яму на атруту
па адвечным рэцэпце вядзьмаркі Біруты,
каб яго прыгажосцю сваёй счараваць.
Вольга Драздова
Ёсць толькі дзве ў жыцці мяжы...
Ёсць толькі дзве ў жыцці мяжы:
мяжа пачатку і сканчэння.
Нясхільна шлях зямны прайсці –
паэта лёс і прызначэнне.
На запытанне прамаўчы,
бо хто маўчыць, той сам пытае…
Якое малако ваўчыц?
Пра тое воўк адзіны знае.
Твой цень з вышынь гурган сачыў,
свой судны дзень не прычакаўшы…
Змялее часу далячынь,
тых дзве мяжы ў адну з’яднаўшы.
Эдуард Акулін
Ля муроў стагоддзяў
I рака бруіцца васількова,
І лябёдка плавае ў стаўку.
Не сказаў на развітанне слова —
Толькі спешна сціснуў мне руку.
Ля муроў стагоддзяў, ля падмуркаў,
Дзе яшчэ не вымерла святло,
Мітусяцца восы і казюркі,
Ладзячы утульнае жытло.
А калі успыхнуць зараніцы
Горача, нібыта макаў квет, —
Бачу голаў скрушнае званіцы,
Гамлета трагічны сілуэт.
Дружа мой, як абяднела ліра:
Толькі спрэчкі — стрэламі ў сцяне.
Час — даўно! — ідзе пасля Шэкспіра,
А білет па драму — у цане!
Яўгенія Янішчыц
Я трэснутыя нервы пакладу на шкло...
Я трэснутыя нервы пакладу на шкло,
пасыплю зверху болем пасівелым.
А потым закрычу параненым святлом,
душу на момант раз'яднаўшы з целам.
А калі трэсне шкло і вернецца душа,
злаўлю настрой глінянымі рукамі.
I застануся той, кім я сюды прыйшла, —
у свет, дзе сэрцы гінуць пад нагамі.
Наталля Дзівіна
Старыя рэчы
Зведаўшы зайздрасць мод вечных і хворых,
Ды спадзяванняў пакутлівых ўздых,
Рэчы таксама, як людзі, гавораць
I спавядаюцца ў шафах старых.
Час іх раўняе: паркаль і атласы
Звянуць, паблякнуць за сціжмаю дзён,
Быццам бы існасць раскрыюць акрасы
I тых, хто да моды крыклівай жадзён.
З целам жылі — а душу ўспамінаюць.
З болем і сумам іх шчыры давер.
Толькі сабе так цаны і не знаюць.
Што састарэлым бясцэннасць цяпер.
Выкінуць іх успаміны на сметнік, —
Час — новы моднік, і монстар, і бос.
Новы іх, суперсучасны наследнік,
Споведзь не ўчуе — паўторыць іх лёс.
Ніна Аксёнчык
Калі змагла б, вярнула б я не слова...
Калі змагла б, вярнула б я не слова:
Адзін прамень — зямлёй і небам між.
Мой ясны свет, зялёная дуброва,
Ты ўсё шуміш, ты ўсё яшчэ шуміш.
Адзін прамень! Яго шукаюць рукі
Аблокамі і кручаю паміж.
Зялёны ліст нясцерпнае разлукі,
А ты звініш. Ты усё яшчэ звініш.
Шукае смага ў працы паратунку,
А дзень з гары ляціць, як пара лыж,
Крыжасты шлях сумненняў і лятункаў,
Чым далей, боль, — мацней яшчэ баліш!
Адкрыты дням і снам трывожным вочы,
Дзе так нацята стоеная ціш!..
Страла, што паўз мяне прайшла аднойчы,
Ты ўсё ляціш, ты ўсё яшчэ ляціш.
Яўгенія Янішчыц
Последние комментарии
1 неделя 2 дня назад
6 недель 1 день назад