skip to content

Элегія старой скрыпцы

Паўміралі музыкі —
Слухачы засталіся.
Скрыпкі звонкія зыкі
Так даўно не ліліся.

На гарышчы згарбела
I рассохлася дэка, —
Сэрца ў ёй задубела
Без душы чалавека.

Дайце смык навашчу я!
Дайце струны настрою!
Песня ў скрыпцы начуе
Для любога настрою.

Што ж ты, скрыпа, не граеш
Маладому застоллю?
Ці ж не роднаму краю
Ты прарочыла долю?!

Ці ж не ў чуйныя зыкі
Твае струны зліліся?
Дзе ж вы сёння, музыкі?
...Слухачы засталіся.

Леанід Галубовіч