У госці? Ты? Праходзь. Сядай.
Як у часы былыя пагаворым.
Дазволіш мне паплакацца аб тым,
Як холадна ў жыцця сцюдзёным моры?
Ну што ўсміхаешся, хіба не так?
I я на змерзлае няшчасце не падобна?
Ды боты не здымай — у хаце кавардак,
Няма куды нагой ступіць свабодна.
Але скажы ўсё ж найперш
Ты сам: існуеш ці жывеш?
Маўчыш чаму? Вось я — існую,
Няма даўно таго жыцця.
Ды я аб ім і не шкадую:
Не варта шкадаваць шмацця
З дашчэнту зношанай адзежы,
Шануй убор, пакуль ён свежы,
Гаворыць мудрасці закон,
I мне здаецца верны ён
I праўду мовіць залатую.
Ну што ж — жыццё перазімую.
Усцешна ведаць мне аб тым,
Што гэты здзек — імгненны дым.
Ты не зважай хаця на словы,
Вачэй уніз не апускай,
Глядзі — і чай ужо гатовы,
Давай, па кубках разлівай.
Пакуль гарбата астывае,
Хачу паслухаць голас твой...
Твая душа яшчэ жывая,
Ці ёй жа гэтак, як маёй,
Няма прыстанішча і толку,
Нібыта вострую іголку,
Якой труне падушку шылі,
У душу тую палажылі?
Яна ляжыць, дый зварухнецца,
Ды ў мякаць самую ўвап'ецца,
Вярэдзіць, колецца, нудзіць
I ўся сярэдзіна баліць...
I ты якісьці не такі —
Сустрэліся у век вякі,
А ты пануры, засмучоны,
Як бы з нялюбай заручоны,
Ці ад няма чаго рабіць
Цябе з сабою ажаніць
Я захацела. Не! Ніяк!
Хіба не ведаеш, дзівак,
Што лепей вечна быць адной,
Чым мучыць некага сабой
I знаць, што ты, як пакаранне,
I кожнае праклята ранне
Любімым самым чалавекам?
Ды я жартую ўсё аб гэтым,
А ты сур'ёзна пазіраеш...
Ці за сабой правіну маеш,
Што да мяне амаль стагоддзе
На чай у госці не заходзіў?
Частуйся, з маслам хлеб бяры,
I хоць што-небудзь гавары,
Каб не вісела ціш нямая,
Пакуль гарбата астывае.
Вольга Ласаева
Комментарии
3 года 1 неделя назад
3 года 1 неделя назад
3 года 2 недели назад
3 года 3 недели назад
3 года 3 недели назад
3 года 3 недели назад
3 года 3 недели назад
3 года 4 недели назад
3 года 4 недели назад
3 года 4 недели назад