skip to content

Ведаю ўсё і як быццам нічога...

Ведаю ўсё і як быццам нічога.
Болем істоту запоўніла ўчора.
Шкода чужой мімалётнай навукі:
моцна трымацца, узяць сябе ў рукі.

Як утрымаць збунтаванае мора
слабым рукам?
Але не пратэстую.
Свет цэлы быць вінаватым не можа,
то вінавачу дачушку, матулю.

Ноччу бяссоннай буру ўтаймую...
Зойдуць сябры — мала іх засталося
у пасівелым гаёчку валосся.
Навідавоку сяброў не сумую...

Ды зацяжною гульнёй у маўчанне
звязаны, слова баімся пустога...
Шмат што сказалі б, не скажам нічога.
Болем ачышчаны, лепшымі станем...

Рупнасць у нас неспадзеўкі разбудзіць,
часта пастукаўшы ў бубен палёгкі
шротам дажджынак, дождж касавокі...
Дожджык сляпы.
Дзеці мы — людзі.

Птахі мы — людзі.
Да голлечка промняў
цягнемся слабым даверлівым крыллем.
Хмараў галінкі сонца адкрылі —
болем знявечаны, болю не помнім.

Людзі — аблокі.
Над выраем-краем
нас да магіл узвышае штосілы
з фрэскі азораны твар Еўфрасінні.
Маем свой край і нічога не маем.

Данута Бічэль-Загнетава