skip to content

Ціха ў дзверы стукае сум...

Ціха ў дзверы стукае сум,
А я думаю — гэта ты.
Ноч падкралася, не заснуць,
На падлогу ляцяць лісты.

Я шукаю цябе ў радках,
Я згубіла цябе даўно.
Сум надзею маю спаткаў,
Прарастае лістамі дол.

У акно блакітны ліхтар,
Як цікаўны сусед, глядзіць.
I памалу адчай сціхаў,
Бо ліхтар таксама адзін.

На падлозе — лісты, лісты,
Як хто смецце збіраў знарок.
Я чакала, што прыйдзеш ты
У адзіны хоць мой радок.

Ірына Багдановіч